ЛЁГКАЯ МУ́ЗЫКА,

умоўная назва шырокай сферы муз. жанраў, прызначаных пераважна для развесялення. Лёгкадаступная для ўспрымання шырокімі масамі слухачоў. Для яе характэрны дэмакр. інтанацыйная мова, прастата муз. формы, рэльефнасць вобразна-эмацыянальнага зместу. Л.м. звычайна проціпастаўляюць «сур’ёзнай», класічна арыентаванай музыцы. Узоры Л.м. ў розны час стварылі І.Ланер, бацька і сын Штраусы, Ж.Афенбах, І.Дунаеўскі і інш. Са сферай Л.м. перакрыжоўваюцца традыц. муз. жанры: ад масава-быт. песні да аркестравых сюіт, фантазій, папуры, аперэт і нават опер («Маленькая начная серэнада» В.А.Моцарта, фп. рапсодыі Ф.Ліста, вальсы з балетаў і арыі з опер П.Чайкоўскага, «Рэгтайм» І.Стравінскага, «Пушкінскія вальсы» С.Пракоф’ева, «Святочная уверцюра» Дз.Шастаковіча, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў Г.Свірыдава і інш.). У муз. культуры 2-й пал. 20 ст. Л.м. цесна ўзаемадзейнічае з эстраднай музыкай (джаз, рок, біт і інш.), часам яе атаясамліваюць з поп-музыкай. Л.м. выкарыстоўваецца як аптымізуючы псіхал. фактар у вытворчасці (функцыян. музыка) і ў мед. мэтах (псіх. рэлаксацыя, муз. тэрапія). У апошні час сфера Л.м. імкліва пашыраецца, істотна ўплывае на фарміраванне муз.-эстэт. густаў слухачоў. На Беларусі ў галіне Л.м. працуюць кампазітары У.Буднік, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, І.Лучанок, У.Мулявін, В.Раінчык, Э.Ханок і інш. Да Л.м. можна аднесці шэраг п’ес бел. кампазітараў, якія не задуманы як масавыя, але сталі імі дзякуючы яркай вобразнасці, меладызму, рэльефнасці муз. формы (сімф. мініяцюры «Мушкецёры» і «Сувеніры», фрагменты з балетаў Я.Глебава, вальсы і мазурка з музыкі А.Багатырова да драмы М.Лермантава «Маскарад», фрагменты з балетаў Г.Вагнера, праграмныя п’есы, у т.л. для аркестра нар. інструментаў А.Мдывані і інш.).

Літ.:

Сохор А.Н. О массовой музыке // Сохор АН. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1980.

т. 9, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)